?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Працягваю публікаваць вытрымкі з рубрыкі "Культура мовы" Беларускае газэты, №31 (149) ад 24 красавіка 1943

Кахаць і любіць

[Глядзець тэкст і адсканаваную выяву]Кахаць

У нашым грамадзянсьцьве здараецца йшчэ чуць памылковы погляд, быццам слова “кахаць, каханьне” і г. д. запазычаныя з польскае мовы, тымчасам як хутчэй выглядае наадварот. Бо хоць у палякоў і ёсьць словы адпаведнага гучаньня й сэнсу (kochac, kochany), але ў іх няма некаторых асноўных “першародных”, як можна сказаць, формаў, ад якіх, відаць, паходзіць і ўся сям’я гэтых словаў і якія ёсьць якраз у нашай мове. Так, слоўнік Насовіча (бал. 249), апрача формаў “каханенькі, каханка, каханьне, каханак, каханы, кахаць, кахацца”, падае й такія цікавыя аднакарэнныя: а) кох, гукаперайманьне, якое выражае 1) квактаньне курыцы, што водзіць кураняты. Нешта піскляты пішчаць, а коху курыцы ня чутно. 2) выклічнік: Жонку кох, а гаспадар вох; б) кохаць — дзеяслоў (гукапераймальны): 1) квактаць, як курыца, што водзіць кураняты 2) пераноснае — падобна да курыцы каля пісклятаў, клапаціцца, туліць, стагнаць; в) кохнуць — мець пал да каго-колечы. Кохнець па дзяўчыне, кохнець па дзецях; уздыхаць, смуціцца. Кохнець па матцы, па мужу.

З гэтых відавочна “першародных” аднакарэнных словаў, якіх няма ў палякоў (а некаторых ня можа быць — бо, прыкладам, “кахаць” і “кохаць” у іх мусіла-б супасьці ў вадным слове з прычыны націску), выразна відаць і ўся сэмантычная эвалюцыя сям’і гэтых словаў ад першапачатнага гукапераймальнага караня “кох”. Зь іх-жа відаць і тое сэмантычнае адценьне, якое мае ўся сям’я — адценьне палкасьці, жарскасьці, адданасьці, можа нават сьлепай адданасьці пачуцьця, апанаванасьці ім (як бывае ў жывёлінаў, у тае самае курыцы, асабліва ў дачыненьні да дзяцей).

Асабліва трэба падчыркнуць, што словы “кахаць, каханьне, каханы” і г. д. у беларускай мове ніяк нельга ўжываць у дачыненьні да няжывых рэчаў, або іншых стварэньняў нялюдзкага роду. “Нельга, прыкладам, кахаць рэдзьку, бярозу, рыбу, капусту з салам; іх можна любіць, а кахаць можна кагосьці зь людзей — бацькоў, радню, дзяўчыну” — добра пісаў сваім часам В. Ластоўскі (“Крывіч”, № 6 за 1923 г., б. 43). Да гэтага трэба дадаць толькі, што ўжываньне гэтых словаў можа пашырацца й на агульныя, зборныя паняцьці зь людзкага сьвету (“народ”, прыкладам), а таксама, асабліва ў паэтычным сэньсе, на тыя стварэньні й нават рэчы, якім надаюцца людзкія якасьці, якія адухаўляюцца, антропоморфізуюцца ў паэтычнай мове (скажам, край, краска, нават рэчка, лес, луг і да г. п.).

Любіць

Дзеяслоў-жа “любіць” можа ўжывацца ў дачыненьні і да рэчаў, і да стварэньняў, і да людзей, але да апошніх — ён ня будзе мець таго адценьня палкасьці, напружанасьці, адданасьці пачуцьця, якое мы вызначылі вышэй.
Што да прадметнікаў ад гэтага дзеяслова, дык здаецца, што “любоў” будзе ўсё-ж расейскім уплывам. На гэта як-бы паказвае й скланеньне гэтага слова ў некаторых ускосных склонах, якое так няўпэўнена праводзіцца ў нашай мове (“любові”, тымчасам як “о” тут павінна было-б стацца беглым, як і ў расейскай мове — “любви”, дый націск павінен быў-бы быць на канцы, як слове “кроў—крыві”, таго самага скланеньня). Ды яно й зусім непатрэбнае, бо ёсьць бясспрэчна свай, беларускае слова “любасьць”. Ёсьць ад яго й прыметнік “любосны” або “любасны” і далей — прыслоўе “любосна” або “любасна”, якія адпавядаюць расейскім “любовный”, “любовно” (дакладней “любовно-ласково”) і ўжываньне якіх у літаратурнай мове можна пашыраць у тым самым кірунку, як яно пашыралася ў іншых мовах (прыкл. любосныя дачыненьні, любосная лірыка, любосны раман — як у рас. любовные отношения, любовная лирика, любовный раман). Ёсьць і яшчэ цікавае адгалінаваньне ад гэтага слова — “любошчы” (толькі ў множным ліку, ужываецца на Ігуменшчыне і Случчыне). Яно абазначае каханьне толькі ў сэксуальным (родавым) сэньсе (між хлопцам і дзяўчынаю, мужчынаю і жанчынаю), але з адценьнямі непаважнасьці, лёгкасьці, гульні, на-сам-сакрэтнасьці, пяшчотлівасьці (другое значаньне гэтага слова — проста любосныя пяшчоты, рас. “ласки”). Адсюль і “любосьнік”, “любосьніца” — удзельнікі такога каханьня (нармальна расейскім “любовник”, ”любовница” адпавядаюць ”каханак”, ”каханка”; словы-ж “палюбоўнік, палюбоўніца”  — непатрэбныя й брыдкія запазычаньні з расейскае мовы, дзе яны таксама маюць брыдкі, “похабный” сэнс).

Яшчэ некаторыя заўвагі

Адцемім яшчэ, што слова “любімы” у беларускай мове няма й ня можа быць, бо няма ў ёй пасыўных (залежных) дзеяпрыметнікаў цяперашняга часу на “імы”. Слова гэтае зьявілася ў збальшавічанай і русыфікаванай мове, якая ніяк ня важылася “сказіць” гэты расейскі дзеяпрыметнік у прылажэньні да самога “любімага Сталіна”. У беларускай мове ёсьць адпаведныя словы “любы” (толькі да людзей: адпавядае таксама рас. “милый”, хоць і ў нас ёсьць адпаведнае “мілы”, але найчасьцей ужываецца ў сэньсе “прыемны”), “улюбёны” (да людзей і да рэчаў).

Апошняе, пэўна-ж, аніяк не адпавядае рас. “влюбленный”, якое панашаму будзе “закаханы”. Тут-жа адцемім, што “закаханы” можа быць і “закахацца” можна толькі ў кім-небудзь (як парасейску — “влюбиться в кого-нибудь»).

Яшчэ можна зацеміць, што “любіць”, як і “кахаць” маюць у нашай мове і зваротную форму (зь — ся-цца) із значаньнем узаемнага стану — “любіцца”, “кахацца” (ізноў-жа — з кім-небудзь), чаго няма ў расейскай мове.

Рас. “излюбленный” адпавядае нашае “аблюбаваны”.

Image00025


UPD. Перайсьці да агульнага сьпісу публікацый.

Comments

( 5 камэнтароў — Пракамэнтаваць )
chyzhow
19 Ліп 2013 05:41 (UTC)
вельмі грунтоўна і карысна
meequz
19 Ліп 2013 07:17 (UTC)
А што наконт упадабаны? Здаецца, таксама адпаведнік рус. излюбленный.
ziemlarob
19 Ліп 2013 07:31 (UTC)
Хутчэй - "понравившийся".
staraptach
19 Ліп 2013 13:02 (UTC)
Цікава адцеміць варыянт любашчы ў значаньні рас. 'плотская любовь', якая спатыкаецца ў аўтараў старое "Нашай Нівы".

А таксама дадаць, што ў слоўніку Станкевічавым ёсьць яшчэ і мілаваць, мілавацца, міласьць.
uladar_lj
21 Ліп 2013 10:06 (UTC)
Выдатна!
( 5 камэнтароў — Пракамэнтаваць )

Profile

by_mova
Беларуская мова ў Інтэрнэце

Latest Month

Кст 2018
S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031   
Распрацавана LiveJournal.com
Designed by Tiffany Chow