mr_sp0ck (mr_sp0ck) wrote in by_mova,
mr_sp0ck
mr_sp0ck
by_mova

Клясычны правапіс беларускай мовы / Акадэмічны правапіс беларускай мовы

Вітаю, супольнасьць! Мой першы допіс у ЖЖ мяне вымусіла зрабіць неабходнасьць абгрунтаваньня аднаго спрэчнага моманту, які, спадзяюся, здужаем тут разабраць. Быў распачаў тэму ў беларускай Вікіпэдыі клясычным правапісам наконт асноўнай назвы артыкула Наркамаўка. Прапанаваў перанесьці старонку пад назву «Беларускі акадэмічны правапіс», бо мяркую «наркамаўка» гэта:

а) цалкам няслушная назва ў адносінах да сучаснага акадэмічнага правапіснага стандарту беларускай мовы, бо з 1933 году было некалькі новых правапісных рэдакцыяў, апошняя (2008 году) увогуле праведзена ў незалежнай Беларусі, народны камісарыят СССР тут зусім ніякім бокам;

б) назва, якая адразу нясе адмоўную канатцыйную афарбоўку, намякаючы на палітызванасьць і штучнасьць гэтага стандарту, т. ч. не нэўтральная;

в) назва, якая толькі раздражняе ні ў чым ня вінных прыхільнікаў афіцыйнага правапісу, вывучанага імі з часоў школы.

Дык вось, па сутнасьці: здаецца прынцыпова, пакуль, ніхто супраць пераносу пад іншую назву не выступае, але працэс можа быць забюракратызаваны і справа змарнаванай з прычыны патрэбнасьці для ажыцьцяўленьня такога пераносу адпаведных крыніц.

Калісьці, пры пераносе артыкула «тарашкевіца» пад назву Беларускі клясычны правапіс быў выкарыстаны (у якасьці крыніцы назвы) даведнік «Беларускі клясычны правапіс. Збор правілаў. Сучасная нармалізацыя». Высьветлілася, што знайсьці ў сеціве нешта падобнае для падмацаваньня назвы «акадэмічны правапіс» не выяўляецца такой ужо простай задачай. Кавалерыйскім наскокам зь сьцвярджэньнем што акадэмічны правапіс — гэта правапіс, зроблены ў Акадэміі навук, які зьяўляецца правапісам акадэмічных выданьняў разьвязаць пытаньне не ўдалося. Патрабуецца нешта, на што можна спасылацца ў якасьці аўтарытэтнай крыніцы. Паблукаўшы па абшарах інтэрнэту прыйшоў да высновы: азначэньне «акадэмічны правапіс» — ёсьць, падстаў для такога ўжываньня — няма. Ці ж сапраўды так? Памажыце разабрацца. Дзякуй.

P.s. Артыкул, вядома, можа мець назву й «Беларускі афіцыйны правапіс», але ж пакуль ідуць спрэчкі пра перанос іменна ў варыянт «Беларускі акадэмічны правапіс». Да таго ж варыянт «афіцыйны правапіс» менш пажаданы, бо дадзеная фармулёка сустракаецца (прысутная нават у даведніку БКП), у асноўным, пры параўнаньнях аля «Тарашкевіца VS Наркамаўка»; ці пры згадках, дзе, зноў жа, прыходзіцца аглядацца на існаваньне двух правапісных сыстэм беларускай мовы. Тады як азначэньне «Акадэмічны правапіс» самадастатковае.
Subscribe
  • Post a new comment

    Error

    default userpic

    Your reply will be screened

    Your IP address will be recorded 

    When you submit the form an invisible reCAPTCHA check will be performed.
    You must follow the Privacy Policy and Google Terms of use.
  • 70 comments