filskeit (filskeit) wrote in by_mova,
filskeit
filskeit
by_mova

Дзеяпрыкметы на -учы, -ючы і г. д. вельмі часта сустракаюцца ў гамонкавай мове

«Што да дзеяслоўных прыкметаў, дык у першай рэдакцы граматыкі [Тарашкевіча] была гэт’кая зацемка: „Формы на -учы, -ючы, -ўшы больш старасьвецкія і кніжныя. У жывой мове ня скажуць напр. «ад чытаючага чалавека можна шмат вымагаць». У жывой мове скланяюцца толькі фомы дзеяслоўнае прыметы на -ены, і -ты: зроблены, зробленага, зробленаму і г. д.; біты, бітага, бітаму і г. д.“ (бал. 38).

У новай рэдакцы Б. Тарашкевіч зрабіў гэтта ладную зьмену. Ён тут кажа: „Дзеяпрыметнік у форме цяпер. часу ўжываецца рэдка: чытаць — чытаючы (j), чытаючая, чытаючае“.

„У прошлым часе дзеяпрыметнік мае ўстаўкі: -ўш, -л (дзейны стан), -т, -н (залежны стан). Напрыклад: рабіць, біць — рабіўшы, -ая, -ае; роблены, -ая, -ае; біўшы, -ая, -ае“ (102).

Розьніца паміж першай рэдакцай і другой гэт’кая:

1) у першай рэдакцы, як дзеяслоўная прыкмета на -учы, -ючы, так і на -ўшы не скланяліся, у другой рэдакцы — яны абедзьве скланяюцца;

2) у першай рэдакцы яны абедзьве ня ўжываліся, а ў другой рэдакцы першая ўжываецца рэдка, а другая (на -ўшы), відавочна, часта.

Тымчасам дасьледаваньні паказуюць адваротнае. Дзеяпрыкмета на -учы, -ючы, -ачы, -ячы ўжываецца таксама часта, як і дзеяпрыкметы на -лы (зналы), -ты (мыты), -ны (чытаны). Але дзеяпрыкмета на -ўшы (хадзіўшы) і -шы (нёсшы) зусім ня ўжываецца. [Хадзіўшы, вёзшы і пад. ужываюцца, ведама, як дзеяпрыслоўі, значыцца participium гэта ўжываецца вылучна ў хворме нясклоннай.] У вялікай кнізе „Аль-Кітаб“ шмат ёсьць дзеяпрыкметаў на -учы, -ючы, але ніводны прыклад ня сустрэўся на -ўшы, -шы. Дзеяпрыкметы на -учы, -ючы і г. д. вельмі часта сустракаюцца ў гамонкавай мове, гэта мог зацеміць кожны, хто прыслухаўся. Замест дзеяпрыкметаў на -ўшы, -шы ўжываюцца: 1) дзеяпрыкметы на -лы, 2) вельмі часта думка перадаецца апісова пры помачы што й каторы.

Каб аўтар граматыкі апіраўся на дасьледаваньню, а меней надужываў самапэўнасьці, дык ён-бы ўсьцярогся гэт’кае блытаніны».

Ян Станкевіч, «Б. Тарашкевіч: Беларуская граматыка для школ. Выданьне пятае пераробленае і пашыранае. Вільня. 1929 г., бал. 132 + IV»
Subscribe
Comments for this post were disabled by the author