?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Як бы вы напісалі шкоднае (зламыснае) праграмнае забеспячэнне адным словам?

У ангельскай мове — гэта malware, у рускай — зловред и вредонос. У мяне ёсць варыянты ліхакод (ад "ліхі код") і зламыс (ад "зламысная праграма"). Быў яшчэ прыгожы і вельмі кароткі самаўкладзены варыянт "шкод" (ад "шкодны код"), аднак я ад яго адмовіўся, каб не стварыць блытаніну з формамі агульнаўжытнага слова "шкода".

Мне падабаюцца свае варыянты, а вам? Мо хто прыдумае лепшы?

Comments

( 24 камэнтары — Пракамэнтаваць )
uladar_lj
17 Жнв 2017 16:09 (UTC)
Дарэчы, слова "шкоднасны", ужытае ў тым ліку на старонцы Вікіпедыі - гэта калька з рускага "вредоносный". Лепш пісаць проста "шкодны" ці "шкадлівы", як пададзена ў акадэмічным руска-беларускім слоўніку. Адзінае, "шкодны" больш пасуе неадушаўлёным назоўнікам, а "шкадлівы" - адушаўлёным.
shurix83
22 Жнв 2017 18:11 (UTC)
>> Дарэчы, слова "шкоднасны", ужытае ў тым ліку на старонцы Вікіпедыі

Беларускую Вікі збольшага пішуць неадукаваныя альтэрнатыўшчыкі, якія выдумляюць новыя моўныя сутнасці замест таго каб фіксаваць існуючыя. Таму спасылацца на белВікі - кепскі тон.

А яшчэ лепш не выдумляць ровары і не лічыць сябе першапраходцам, а зірнуць гласарыі Microsoft, Samsung i Google.

У МС гэта
malware
Software that fulfills the deliberately harmful intent of an attacker when run.
шкоднае праграмнае забеспячэнне

дазваляецца і "шкодная праграма". Гэтаксама ў Самсунга і Гугля. Карацей кажучы, менш фантазій, спадару, і жыць палягчэе.

Дарэчы, забаўна чуў ад чалавека пра калькі і чытаць прытым ад яго
>> У ангельскай мове — гэта malware, у рускай — зловред и вредонос. У мяне ёсць варыянты ліхакод (ад "ліхі код") і зламыс (ад "зламысная праграма").
uladar_lj
24 Жнв 2017 21:42 (UTC)
Ну, выдатна, калі ў іншых крыніцах пераклад слушны.

Прапанаваныя мною словы, гэтак жа як выточнае malware і пададзеныя рускамоўныя зловред, вредонос - гэта не калькі, а скароты. Калі Вы маеце лепшы варыянт такога скароту па-беларуску - калі ласка, прапануйце.

У ангельскай, дарэчы, ёсць меней распаўсюджаны сінонім да malware - badware. Вось ліхакод будзе яго амаль дакладным перакладам.
shurix83
25 Жнв 2017 18:39 (UTC)
Скароты мае сэнс ствараць толькі тады, калі сам тэрмін распаўдзіўся і не патрабуе тлумачэння. У межах цяперашняга стану арэалу беларускай мовы ў новых тэрмінах нам да патрэбы ў скаротах як пехатой да Месяца.
uladar_lj
25 Жнв 2017 20:18 (UTC)
Ну, так можна чакаць вельмі доўга.

Слова malware сустракаецца досыць часта ў інтэрфейсах праграм, навінах, спецыялізаваных сайтах, калякампутарнай літаратуры. Так што калі нехта будзе пісаць артыкул на гэту тэму, ці рабіць пераклад антывіруса на мову (а ў інтэрфейсах праграм пажадана каб радкі крыніцы і перакладу моцна не адрозніваліся) - магчыма, ён скарыстаецца адной з маіх прапановаў.
ryczard_humel
26 Жнв 2017 00:37 (UTC)
Не люблю, калі цяпер сілком пачынаюць пашыраць, а скарэй расьцягваць значэньні слоў… Але-ж калі адно слова так трэба, то чаму ня шкоднік? Чы нам зноў ровары трэба выдумляць — цяпер з прапэлерам і мятным смакам?
shurix83
26 Жнв 2017 09:49 (UTC)
"Шкоднік" нельга, бо будзе блытаніна паміж сродкам шкоды (шкоднай праграмай) і аб'ектам (тым, хто шкодную праграму падкінуў).
Як варыянт рашэння - "праграма-шкоднік", але гэта таксама не зусім тэрміналагічна, бо пад malware можа быць цэлы комплекс звязанага паміж сабой праграмнага забеспячэння.
uladar_lj
26 Жнв 2017 10:07 (UTC)
Менавіта так. Malware - гэта агульны панятак для ўсіх шкодных, злачынных і проста надакучлівых праграмаў і скрыптоў. Ад кампутарных вірусаў, чарвякоў, шпегаўскіх сродкаў, да рэкламных траянаў і скрыптоў. Гэта значыць кожны праграмны код, што з'яўляецца шкодным, зламысным, ліхім ці проста непажаданым - ёсць malware.
ryczard_humel
11 Крс 2018 13:20 (UTC)
Ды я і казаў тады, што супраць выдумвання ровараў. Шкодная праграма (прагр. забеспячэнне).
shurix83
26 Жнв 2017 09:56 (UTC)
Гэта называецца "а давайце напладзім сутнасцей дафігішча ад няма чаго рабіць".
Паўтаруся, скароты і слэнг з'яўляюцца ў мове тады, калі яна і/або пэўная яе галіна вельмі распаўсюджваецца. У чэшскай мове слэнг пачаў з'яўляцца праз 40(!) год пасля яе аднаўлення. Вы ж хочаце ў беларускай мове пераскочыць гэтыя ўмоўныя "40 год" і адразу нешта нафантазіраваць, мяркуючы, што вынік будзе зразумелы ўсім. Не, не будзе - я ў ІТ 20 год, прыблізна столькі беларускамоўны, і сустрэўшы розныя "ліхакоды" ў тэксце, я бы не зразумеў пра што гаворка.

Беларускі кампутарны слэнг, дарэчы, вельмі малы. Я ведаю толькі некалькі словаў, якія націўна зразумелыя людзям:
сырцы (мн.) = англ. sources, рус. исходный код
(з)леваздача = англ. bug report
скарына = англ. printer
На жаль, астатнія новатворы былі мёртванароджанымі, як мінулы белпераклад Mozilla Firefox.
uladar_lj
26 Жнв 2017 10:09 (UTC)
А словы malware, зловред і вредонос Вы разумееце?
shurix83
26 Жнв 2017 11:17 (UTC)
Ведаеце, я ў моўным плане (не толькі ў моўным) эгаіст - пры разглядзе сітуацый з беларускай мовай мне цалкам напляваць як там што ў рускай, англійскай, суахілі ці якой іншай мове. Праблема разумення таго ці іншага слова ў рускай мове хай клапоцяць рускіх.
uladar_lj
26 Жнв 2017 14:17 (UTC)
І гэта добра. Аднак, Вы не сказалі ці разумееце тыя словы. Мабыць, усё ж разумееце, нягледзячы на тое што гэта слэнг. Я не бачу прычынаў, чаму сярэднестатыстычны беларускамовец не зразумее прапанаваных варыянтаў, асабліва ў кантэксце.

З асабістых адчуванняў, калі я ўпершыню сустрэў гэтыя рускія словы ў навінах пару гадоў таму, спачатку "вредонос" а потым "зловред", выглядалі яны нязвыкла і крыху нават смешна. Аднак з часам яны пашырыліся і цяпер іх можна сустрэць паўсюдна ў спецыялізаваных тэкстах. А напрыканцы ліпеня 2017 яны атрымалі прапіску ў рускамоўным Вікіслоўніку.

Я не прапаную проста зараз дадаваць "ліхакод", "зламыс" ці яшчэ якую кампутарную халеру ва ўсе слоўнікі. Аднак не разумею, чаму яны не могуць з'явіцца ў простай мове.
shurix83
26 Жнв 2017 15:06 (UTC)
>> Вы не сказалі ці разумееце тыя словы. Мабыць, усё ж разумееце, нягледзячы на тое што гэта слэнг.

Мой адказ вас не задаволіць - я ВЕДАЮ, што яны азначаюць.

>> Я не прапаную проста зараз дадаваць "ліхакод", "зламыс" ці яшчэ якую кампутарную халеру ва ўсе слоўнікі. Аднак не разумею, чаму яны не могуць з'явіцца ў простай мове.

Паўтаруся - вам свеціць лёс былога "перакладчыка" Mozilla Firefox. Які там пераклад быў, думаю, нагадваць не трэба.
uladar_lj
26 Жнв 2017 16:47 (UTC)
Чаму не, я ведаў што Вы ведаеце. Таму праблема з большага надуманая. Я не трымаюся за свае прапановы, з задавальненнем буду карыстацца іншымі скаротамі, калі хто прапануе лепшыя.

Стары Firefox я памятаю, хоць і не карыстаўся ім актыўна. Там чалавек занадта актыўна ўкараняў навамоў, таму яно і выглядала дзікавата. Вось цяпер спампаваў свежую версію Firefox - пераклад значна лепшы. Хоць крыху ўплыў рускай мовы адчуваецца, я б тое-сёе змяніў.
ryczard_humel
11 Крс 2018 13:31 (UTC)
Халера,і я слова malware разумею — пры чым тут беларуская?
ryczard_humel
11 Крс 2018 13:25 (UTC)
Чарговага разу +1.
Абн. Зрэшты, усю галінку прагледзеўшы-перагледзеўшы, вам агульны +1.

Edited at 2018-04-11 13:29 (UTC)
ryczard_humel
11 Крс 2018 13:21 (UTC)
+1. Калі і не да Месяца, то да арбіты дакладна.
Тут бы хоць "імха" па-беларуску пісаць перасталі людзі на карысць нмд — і то хлеб.

Edited at 2018-04-11 13:23 (UTC)
ryczard_humel
26 Жнв 2017 00:33 (UTC)
Шкоднасны ня можа быць калькаю з вредоносный.
uladar_lj
26 Жнв 2017 09:55 (UTC)
Тады прапануйце сваю версію, адкуль яно з'явілася?
У Байкова-Некрашэвіча няма. У акадэмічным РБС няма. У тлумачальным няма. Ніўводным слоўніку на slounik.org няма.
shurix83
26 Жнв 2017 11:24 (UTC)
"Шкоднасны" без праблемы магло ўтварыцца ад слова "шкоднасць", якое, дарэчы, па-руску "вредность, зловредность". "Зловредность" бачыце тут? Вашыя спробы накшталт "ліхакод" якраз і нагадваюць спробы стварыць кальку на ўзор рускай, бо ані ў Пашкевіч, ані ў "Англіска-беларускім слоўніку" (2013) для mal- варыянтаў ліх- ці злы- не падаецца.
uladar_lj
26 Жнв 2017 13:58 (UTC)
Шкодны --> шкоднасць, шкадлівы --> шкадлівасць, а ніяк не наадварот.
Слова вредоносный утворана ад двух каранёў: -вред- і -нос-.
Адпаведна, гэта словаўтварэнне ў нейкі невядомы момант было "скапіпашчана" ў мову.
ryczard_humel
11 Крс 2018 13:32 (UTC)
Вы што такое калька ведаеце? Паглядзіце па слоўніках лінгвістычных.
( 24 камэнтары — Пракамэнтаваць )

Profile

by_mova
Беларуская мова ў Інтэрнэце

Latest Month

Кст 2018
S M T W T F S
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031   
Распрацавана LiveJournal.com
Designed by Tiffany Chow