January 2nd, 2017

By Default

«Мо» (у значэнні пабочнага слова) коскамі не выдзяляецца

Так напісана ў «Даведніку па арфаграфіі і пунктуацыі з каментарыямі» (Мінск, 2010) на старонцы 149. Там і прыклады ёсць:

Мо скажаш праўду ты мне сёння? (А. Пальчэўскі). Мо табе няёмка было гаварыць пра гэты выпадак (І. Пташнікаў). Гэта была мо першая радасць у маім жыцці (Я. Сіпакоў).

Я неяк спецыяльна цікавіўся, ці трэба выдзяляць «мо» коскамі, ці не. Фармальна, здаецца, трэба: гэта слова можна палічыць пабочным словам (даведнік яго і лічыць пабочным словам). Украінцы, напрыклад, яго выдзяляюць (падгледзеў у адным з тлумачальных слоўнікаў украінскай мовы). Але, калі пашукаў у слоўніках беларускіх, а таксама ў тэкстах беларускіх на сайце knihi.com, там гэта «мо» не выдзялялася.

І нарэшце яснае ўказанне знайшлося ў вышэйпамянёным даведніку.

Апраўдаць гэта невыдзяленне коскамі можна хіба што тым, што слова «мо» паводле значэння набліжаецца да часціцы (службовага слова, якое не мае самастойнага значэння, а выражае розныя сэнсавыя, мадальныя і эмацыянальныя адценні слоў, словазлучэнняў і сказаў). А можа, проста дзеля таго, што пры вусным вымаўленні слова «мо» ў фразе не робіцца паўзаў; ну і прынялося невыдзяленне — каб не адыходзіць далёка ад вымаўлення.