January 16th, 2017

Псіхалогія пагарды да беларускай мовы

Матывы могуць быць розныя.

1. Найперш успрыманне рускай мовы як пункт адліку і параўнанне з ёю іншых моў. Ёсць падобныя і роднасныя мовы. Яны выглядаюць для суб'екта як нейкая гуллівая варыяцыя сваёй мовы, там нібыта свае сінонімы і нібыта свае карані і суфіксы, толькі ў нечаканым парадку. Гэтак з рускай могуць параўноўваць чэшскую, польскую, балгарскую і смяяцца з яе.

2. Русацэнтрызм а-ля СССР спрыяе гэтаму. Пры выхаванні ў рускай культуры па падручніках РСФСР замест БССР пры пастаянным апеляванні да СССР ("О, імперыя") узнікае ўспрыманне расійшчыны як сваёй, беларушчына ўспрымаецца як адгалінаванне, а не як сваё-першаснае адносна саюзнага-зборнага. Бел. мову пачынаюць успрымаць па мадэлі з п.1.

3. Непрэстыжнасць мовы. Прэстыж мовы - лінгвістычная катэгорыя. Бел. мову не пусцілі ў горад, у свой час асабліва зацятыя дзеячы і дзяячкі абсякалі беларускамоўных у гарадах, тварылі маральны тэрор. Выпадкі апісаны. Мовай гарадоў, працы і навукі, лінгва-франка для носьбітаў дыялектаў стала руская. Беларуская (яе рэшткі) засталася ў сялян, таму стала іх маркерам.

4. Траўма беларускамоўных, што перайшлі на рускую. У п.3. апісана схема маральнага ціску на беларускамоўных. Найперш атрымалі траўму беларускамоўныя, якія потым перайшлі на рускую. Яны ненавідзяць яе таму, што за яе цкавалі. У іх сфарміравалі комплекс непаўнавартасці.

5. Сегрэгацыйнае выхаванне. Людзі з п. 4 адпаведна выхоўвалі сваіх дзяцей, не падпускаючы на гарматны стрэл да беларускамоўных кніг, радыё- і тэлеперадач. Такія дзеці навучаны ігнараваць беларускую проста "таму што" і ненавідзець яе з той жа прычыны.

6. У звычайнае мэйнстрымнае жыццё з рускай мовай ў гарадах паступова вяртаецца беларуская мова. Звыклыя да аднамоўя або да згаданай сегрэгацыі могуць адчуць раздражненне, маўляў, тое ігнараванае ўрываецца ў маё жыццё. Або: рабы паднялі галовы, жах.

Узмацняецца ўсё страшылкамі пра тое, што гэтыя беларускамоўныя хочуць захапіць уладу і прымусіць усіх гаварыць па-беларуску. Або што некалі беларускамоўнай стане большасць і яна ЗАПОЛОНИ-И-ИТ усё.

Быццам усё. Па апошнім пункце заўвага - калі беларусы некалі добраахвотна ў большасці пяройдуць на беларускую, то выходзіць, ненавіснікі баяцца свайго ж народу.

А не, не ўсё.
7. Хаця гэта і роднасная мова, усё ж гэта мова іншая. Каб разумець яе, рускамоўнаму даводзіцца напружвацца, калі ён усё сваё жыццё пазбягаў кантактаў з беларускай мовай і не вучыўся. Гэта нежаданне вучыцца і ўспрымаць новае. Нежаданне, узмоцненае згаданымі вышэй матывам - непрэстыжнасцю, абаронай ад уяўнай пагрозы і г.д.
wedmedyk i kwity

Тэлеканалу "Белсат" быць!

Originally posted by sabrina_lite at Тэлеканалу "Белсат" быць!
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Грымі ж над радзімай зямлёй...

Янка Купала


Покуль будзе жыць вольнае беларускае слова, будзе і сама Беларусь. Беларускі народ паказаў і суседзям, і ўладам, што ён зусім не такі абыякавы, як пра яго часта пішуць.

Яшчэ раз са сьвятамі вас!



Больш інфармацыі тут.