February 18th, 2017

By Default

Арыентацыйны пункт

Слова «арыенцір», хутчэй за ўсё, прыйшло з рускай мовы, дзе яно ўтварылася на аснове іншамоўнага кораня. Прычым адносна нядаўна — у ХХ стагоддзі. Довад за гэта просты: у старых слоўніках маскоўскай мовы слова «ориентир» не сустракаецца, толькі ў навейшых. Калі ўзяць слоўнікі, знаёмыя беларусам, то, напрыклад, у руска-беларускім слоўніку Байкова — Некрашэвіча (апублікаваным у 1928 годзе) слова «ориентир» яшчэ няма.

Цяпер можна сустрэць сяды-тады форму «арыентыр», якую трэба залічыць да красачак неафіцка-каляпалітычнага жаргону. Гэта прыклад своеасаблівага «рэверс-інжынірынгу»: слова запазычана з маскоўскай (славянскай) мовы, значыць беларуская мова павінна рэагаваць на яго як на славянскае, але мы пераробім яго так, быццам яно запазычана з нейкай заходняй мовы.

Форма «арыенцір» ёсць і ў слоўніку — дадатку да «Беларускага клясычнага правапісу» (2005). Прыхільнікі новакласічнага правапісу, вазьміце гэта пад увагу.

Пры гэтым сучасная «Наша Ніва» ў свой арфаграфічны слоўнік усё-такі ўляпіла «арыентыр». Ха-ха! Давайце пакажам на іх пальцам і пасмяёмся з іх.

Вядома, цікава, які будзе расава правільны адпаведнік да маскоўскага слова «ориентир». Добра было б знайсці яго ў дыялектах або ў старой мове беларускай. Мо хто паможа? Можна таксама пацікавіцца, як перакладаецца «ориентир» на іншыя славянскія мовы. У чэхаў гэта orientační bod (Ого! Станкевічава «бодка»!); у палякаў — punkt orientacyjny.

Арыентацыйны пункт? Нармальна. Такім чынам:

1. Арыентыр — дурны варыянт. Не ўжываць.
2. Арыенцір — маскалізм, але дапушчаны да ўжывання аўтарамі «Беларускага клясычнага правапісу» і гэтым вашым афіцыйным стандартам.
3. Арыентацыйны пункт — нельга сказаць, што расава беларускі варыянт, але прынамсі расава нейтральны. Можна ўжываць.

У пэўных выпадках яшчэ можна ўжываць проста «арыентацыя» (3-е значэнне), а таксама «мэта» і падобныя сінонімы.