March 27th, 2017

"Руска-беларускі юрыдычны слоўнік" Ігара Буяльскага

У продажы з'явіўся "Руска-беларускі юрыдычны слоўнік" Ігара Буяльскага. Кніга была выдадзена ў выдавецтве "ЛогвінаЎ". 456 старонак змяшчаюць больш за 11 тысяч словаў і устойлівых выразаў. Гэта не толькі юрыдычныя тэрміны, але і словы з агульнай, шырока ўжыванай лексікі.

Набыўшы гэты слоўнік, вы зможаце:

пісаць па-беларуску законы, дамовы, судовыя рашэнні ды іншыя дакументы, ужываныя ў справаводстве (напр., службовыя лісты, скаргі, пазоўныя лісты, загады і г. д.);
пісаць па-беларуску артыкулы і навуковыя працы з галіны права (калі вы студэнт або навуковец);
выкладаць ды вучыць па-беларуску юрыдычныя дысцыпліны ў ВНУ (калі вы выкладнік або студэнт);
кансультаваць па-беларуску грамадзянаў у юрыдычных справах (калі вы адвакат);
асвятляць па-беларуску судовыя працэсы (калі вы журналіст);
перакладаць на беларускую юрыдычныя дакументы і тэксты юрыдычнай тэматыкі (калі вы перакладнік);
лепш вывучыць беларускую мову (калі вы размаўляеце па-беларуску або цікавіцеся беларускай мовай).

Са слоўніка вы даведаецеся:
у чым розніца паміж "павінен", "мусіць" і "мае" (у значэнні расійскага слова "должен");
што "превосходство" - гэта не толькі "перавага", але і "вышэйшасць" ("комплекс вышэйшасці");
як будзе па-беларуску "выморочное имущество", "исковое производство" і г. д.;
што слово "дело" па-беларуску будзе не толькі "справа", але і "работа" ("быть без дела", "сидеть без дела" – "не мець нічога да работы"), "учынак" ("доброе дело" - "добры ўчынак"), "інтэрас" ("создать свое дело" - "стварыць свой інтэрас"), "рэч" ("другое дело" - "іншая рэч").

Каб вы атрымалі гэту магчымасць, я 4 гады працаваў над слоўнікам. Начамі, на выходных, падчас водпуску. Я прастудыяваў усе слоўнікі, прачытаў усе нумары "Нашай Нівы" пачатку ХХ стагоддзя, творы беларускіх пісьменнікаў. Навучыўся чытаць па-старабеларуску, каб зразумець напісанае ў Статуце ВКЛ і Літоўскай метрыцы.

Я шмат працаваў над беларускай юрыдычнай тэрміналогіяй, шмат працаваў над тым, каб знайсці правільныя беларускія адпаведнікі да словаў з агульнай лексікі, ужываных ў справаводстве (напр. "дело", "восстанавливать" і г. д.). І цяпер вы можаце карыстацца вынікам маёй працы.

Слоўнік можна набыць у кнігарні "ЛогвінаЎ" (Мінск, пр. Незалежнасці, 37а, ст.м. "Плошча Перамогі"; адчынена штодзень ад 10-й да 22-й гадзіны). Цана - 39 рублёў.

Буду ўдзячны за рэпост! Хай аб слоўніку даведаюцца як найболей людзей!