March 28th, 2021

Поўнага збліжэння моў не бывае

Поўнага збліжэння моў не бывае. Немагчыма, каб пэўная мова паступова відазмянялася, прыпадабняючыся да іншай, пакуль не стане ідэнтычнай з ёю. Магчыма, каб абедзве мовы змяшаліся. Магчыма, каб слабейшая мова проста памерла. Магчыма, каб слабейшая мова закансервавалася і стала коснай і нязменнай. Але пераход у мацнейшую мову немагчымы. 
 
Якія ёсць перадумовы лічыць, што беларуская мова можа прыпадабняцца да рускай аж да поўнага знікнення? Па-першае, гістарычны прэцэдэнт, калі была моўная рэформа, але пад палітычнай эгідай, маўляў, трэба збліжаць мовы дзеля пралетарскага інтэрнацыяналізму і дружбы з рускім народам. Па-другое, фактычныя асіміляцыйныя працэсы, калі ўжыванне рускай мовы павялічваецца і яна размывае структурныя элементы беларускай мовы. 
 
У асобных мовазнаўцаў гэтыя чыннікі выклікаюць трывогу, прымушаючы іх мадэляваць на некалькі крокаў наперад сцэнарыі поўнага абрусення беларускай мовы, калі ўсе яе словы і граматычныя канструкцыі заменяцца на рускія. Папраўдзе кажучы, такія прагнозы надта панічныя. 
 
Што да савецкага "збліжэння моў", то часы даўно не савецкія і былых ідэалагічных установак няма. Да таго ж, збліжэнне моў заключалася ў своеасаблівай ператасоўцы картатэкі, калі выбіралі між "больш беларускім" і "менш беларускім" словам (правільней – між менш падобным і больш падобным да рускага), але не выходзячы за межы картатэкі. 
 
Што да запанавання рускай мовы, то тут трывога больш абгрунтавана. Так, пры ўплыве большай моўнай грамады на меншую лексіка большай мовы пранікае ў меншую. Па гэтым прынцыпе працуе і амерыканізацыя, і іншыя "-цыі". Але гэты працэс не можа быць бясконцым.
Collapse )