April 19th, 2021

By Default

Я ўсё яшчэ ненавіджу «Нашу ніву»

Я не чытаю навіны, але адзін чужаземец (не называйце чужаземцаў брыдкім неалагізмам «замежнік») задаў пытанне пра сітуацыю ў Беларусі. Трэба было адказаць, і я ўспомніў пра існаванне сайта «Нашай нівы». І там на працягу пары хвілін:

ірваць чалавечыя і роднасныя сувязі (Роднасныя? Гэта мовы бываюць роднасныя, а раз гаворка пра сувязі, заснаваныя на сваяцтве, то мо сваяцкія?);

апошні план паратунку Рэчы Паспалітай (Гэта ж не пра вынік дзеяння, а пра само дзеянне, так? Плануюць, як будуць ратаваць. Ну і «план ратавання» тады.);

яна можа астуджаць дамы (Ну пастаўце сабе спелчэкер. Хаця можна па-старому ў слоўнік зазірнуць: не «астуджаць», а «астуджваць». Або «студзіць».);

гэта значыцца, што ён [часопіс] арыентаваны на... (Што гэта за брыдкі мутант? Гэта павінна быць ці звычайная фраза з дзейнікам і выказнікам «гэта значыць», ці пабочнае слова «значыцца».).

Я не шукаў гэтыя словы спецыяльна, а проста правёў пару хвілін на сайце.

Літаратары павінны навучыцца моўна думаць па-беларуску. Яны павінны абудзіць у сабе або пастарацца ўспрыняць (калі не давялося мець яе змалку) беларускую моўную стыхію. Бо калі гэтага не будзе, яны будуць, як і цяпер, шкодзіць нацыянальнай форме культуры. (Кузьма Чорны)

Шкодзіць. Шкодзіць. ШКОДЗІЦЬ.

Праўду сказаць, тое, пра што пісаў Кузьма Чорны, не тычыцца сучасных нашаніўцаў. Ён пісаў пра «вышэйшы пілатаж». А «Наша ніва» яшчэ не адарвалася ад зямлі. За трыццаць гадоў існавання. І замест таго, каб вучыць сваіх чытачоў мовы, яна псуе ім кроў дурнымі памылкамі. Цьху!