May 13th, 2021

Моўная норма бароніць мову праз сувязь з людзьмі

Моўная норма, якая сфарміравана абстрактна ў імя самой мовы без сувязі з людзьмі, гэта рух да смерці мовы і яе музеіфікацыі. Пра якую сувязь з людзьмі гаворка? Найперш варта ўзгадаць, што натуральная мова – гэта сродак зносін між людзьмі ў пэўнай грамадзе і што ў слоўніках яна паяўляецца ПАСЛЯ таго, як людзі на ёй гавораць фактычна. Гэта яе спісвалі ў слоўнікі з людзей, а не людзі счытвалі яе са слоўнікаў. Яшчэ сувязь з людзьмі – гэта чытанне напісанага людзьмі, слуханне прамоўленага і спетага людзьмі. А яшчэ адзін пласт – гэта мэтанакіраванае навучанне ў разгалінаванай асветнай сетцы. 
 
Таму сінтэз самай прыгожай і "выкшталцонай" моўнай нормы паводле нейкіх ідэалістычных мадэляў ніяк не бароніць мову, а служыць толькі мастацкаму і вынаходніцкаму пачуццю адпаведнага творцы, калі ігнаруе сувязь з людзьмі. Бо здаровае жыццё ў мове – гэта зносіны ў грамадзе, чытанне літаратуры, слуханне песень, прагляд п'ес і кіно ды навучанне ў школе. Калі стварыць самую фантастычную моўную норму, але яна будзе існаваць толькі ў слоўніку, але НЕ ў грамадзе, НЕ ў кнігах, НЕ ў п'есах і кіно і НЕ ў школах, то гэта адарваная ад жыцця задума і адрыў ад жыцця самой мовы. 
 
А, можа, каб не дапускаць скажэння сваёй мовы іншымі, спачатку навучыцца дысцыпліне ў выкананні існых правіл, з-за парушэння якіх адбываецца скажэнне? А можа, пачаўшы прыбіраць забруджванні, знайсці момант, з якога яны пачалі з'яўляцца, а не церці мову да дзірак ці, інакш кажучы, скідваць тлушч да анарэксіі і выступення рабрын? А можа, калі задумваеш толькі ачысціць, спыніцца своечасова і не пераходзіць на пластычную хірургію і еўгеніку? 
 
А моўная норма, набліжаная да жыцця, будзе той, пры якой яна звязана з прыроджанымі носьбітамі, з сучаснай творчасцю на беларускай мове і з адукацыяй на беларускай мове. Астатняе – фантастычны кібернетычны арганізм.