?

Log in

No account? Create an account

Папярэдні запіс | Наступны запіс

Некалі даўно мы жанілі нашага друга ў Маскве, гадоў 12 таму. Быў стол з гасьцямі зь Беларусі, быў стол з маскалямі. Нехта з гэных маскалёў, узбуджаны братэрскімі пачуцьцямі і алькаголем, ляпнуў, што няма ніякай беларускай нацыі, няма і ніякай беларускай мовы, а толькі ёсьць адзіны народ і дыялект "вялікага і магучага". Калі надыйшла чарга да мяне прамаўляць тост, я казаў, вядома, пабеларуску і пастараўся выкарыстаць толькі такія словы, якія б ня мелі аднолькавых каранёў з расейскімі. Рогат за іхным сталом адразу зьнік. А за нашым, наадварот, зьявілася радаснае ўзбуджэньне. Дык вось той мой друг на днях даслаў мне верш Сяргея Грахоўскага "Ветразь". У гэтым вершы наўмысьле няма словаў, сугучных расейскім. Раджу захаваць, на выпадак калі каму спатрэбіцца "аргумэнт" у спрэчцы на карысьць існаваньня самабытнай беларускай мовы.


Сяргей Грахоўскі
«Ветразь»

У выраі ветразь знікае
За хваляй, нібы на спачын,
І змора яго не злякае,
Не спыніць тугой далячынь.

У змроку зіхоткая здрада
Завабіць хлуснёй у віры,
На золку сканае прынада
І кволы прамень на жвіры.

Раптоўна згаданыя мроі
У карунках пяшчотнай тугі
Павольна знікаюць, як строі,
У бязважкасці кволай смугі.

Знікае ўсхвалёваны ветразь:
З кунегаю пільна сачу,
Як водар аздобіў паветра,
І ў бездані знічкі лічу.

Comments

( 16 камэнтароў — Пракамэнтаваць )
pofu
19 Стд 2011 13:52 (UTC)
а быццам бы па-беларуску трэба казаць сябар, а не друг.
Ці гэта наўмысна, каб падкрэсьліць ягонае маскальства?
subel
19 Стд 2011 14:31 (UTC)
Не, "друг" - нармалёвае беларускае слова, як раз азначае "прыяцель", мае стары славянскі корань (у нас жа захавалася ў мове "дружына"). А "сябар" спачатку мела крыху іншы адценак значэньня, прыналежнасьць да нейкай грамады, то бо нешта накшталт "саратнік" (сябры партыі, сябры суполкі, сябры рады ці ўрада).
dzed_list
19 Стд 2011 14:15 (UTC)
Дзякуй.:-)))
З верша не зразумеў кунегу. А так добры помысл і пост.
Трымайцеся!
ofeliya666
19 Стд 2011 20:29 (UTC)
а, на гэтым слове ва ўсіх ступар наступае)) у пераважнай большасці))
ofeliya666
19 Стд 2011 20:31 (UTC)
Забаўна тое, што я пасля усіх нам вядомых падзеяў ужо далёка не першы раз сустракаю ўзгадку пра гэты твор, хаця да гэтага пра яго доўга не было чутна. . І сама незалежна ад усіх прыгадала. Успреск свядомасці так бы мовіць)))
staraptach
19 Стд 2011 20:46 (UTC)
Грахоўскі тут ужыў "кунега" ў значаньні 'любасьць, замілаваньне'. А між тым, калі я не памыляюся, і Я. Станкевіч, і М. Касьпяровіч падаюць гэтае слова ў сэньсе 'пястун, падвора, дуронік, бязуля'. Цікава, хто ж зь іх праўдзіць...
Адразу ўспамінаецца М. Баярын зь яго "жаглярамі":)
А верш запраўды харошы.
subel
20 Стд 2011 07:12 (UTC)
дзякую за камент, я як раз з гэытым словам яшчэ не паразумеўся, і да слоўнікаў дабрацца не пасьпеў. хто ж як ні паэты даюць прыгожым словам новае жыцьцё? толькі, калі меркаваць з пададзеных вамі значэньняў па Станкевічу і Касьпяровічу, можа, хутчэй, аўтар тут ужывае "кунегу" ў сэнсе "наіўнасьць", "прастадушша", а не "замілаваньне"?
staraptach
20 Стд 2011 08:16 (UTC)
З кунегаю пільна сачу
Не, усё ж тут - 'замілаваньне, любасьць, пяшчота; зьнямога' (прр.: рас. "нежность" і "нега"). Па-расейску пэўна што было б: "с нежностью всматриваюсь".
staraptach
20 Стд 2011 08:41 (UTC)
Re: З кунегаю пільна сачу
А наагул мне гэтае слова падаецца маргінальным, кшталту адзінак "кувосень", "кубакуцька", "шухашута" і інш. з г. зв. "умоўных моваў" (катрушніцкі лемезень, выцірняцкі гаўрыднік і пад.):)
subel
20 Стд 2011 08:51 (UTC)
Re: З кунегаю пільна сачу
адчуваю сябе невукам, бо ніводнага з гэтых не разумею
staraptach
20 Стд 2011 09:06 (UTC)
Re: З кунегаю пільна сачу
А без тлумачэньняў ніхто не зразумее, гэта ж "таемныя мовы"!:) "Кувосень" - "восень", "кубакуцька" - "бацька", "шухашута" - "хата"...
У спадара miram'а ў ЖЖ быў цудоўны пост з гэтае тэмы, артыкул з энцыкляпэдыі "Беларуская мова" - Лукашанец А.Г. Жаргон
subel
20 Стд 2011 13:20 (UTC)
Re: З кунегаю пільна сачу
дзякую, вельмі пазнавальны для мяне артыкул
michal_on
19 Стд 2011 22:26 (UTC)
дзякуй
(Deleted comment)
subel
31 Стд 2011 09:58 (UTC)
тады пры гэных, хто так скажа, дайце якому паляку прачытаць, няхай паляк паспрабуе зразумець. іхных прэтэнзіяў гэта таксама тычыцца.
featar
16 Лют 2011 20:32 (UTC)
Праблема таго верша -- слова "кунега" могуць не ведаць і самі беларусы.
vvarhan
10 Сак 2011 18:19 (UTC)
Духмяныя краскі
Карыцавы шашаль
На провадах весны
На ўходзінах лета
Нібы ўзапаскі
Рупліва ўбірае
Пяшчоту цяпельца,
Водару сьпевы.
Кашлаты лісьцьвянік,
Умаіны воддаль,
Ўтравелая вабіць
Яго абалона,
Прылашчаны промнем
Бялёсы сухмарак
Пяшчотаю бавіць,
Трымае палону.
( 16 камэнтароў — Пракамэнтаваць )